Скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. М. Горкага (1978), аспірантуру ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце імя М. В. Ламаносава (лабараторыя біялогіі развіцця раслін пры кафедры вышэйшых раслін біялагічнага факультэта) (1981). У 1982 годзе ў МДУ імя М. В. Ламаносава абараніў кандыдацкую дысертацыю.
З 1982 года працуе ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Педагагічны стаж — больш за 40 гадоў. На працягу 18 гадоў працаваў загадчыкам кафедры агульнай біялогіі, загадчыкам кафедры батанікі і асноў сельскай гаспадаркі, дацэнтам, прафесарам кафедры агульнай біялогіі і батанікі.
Аўтар больш за 500 работ, з іх 32 кніг. Сярод кніг — два падручнікі для сярэдняй школы («Біялогія. 6 клас», 2015; «Біялогія. 10 клас», 2014); вучэбныя дапаможнікі для студэнтаў ВНУ, вучняў сярэдняй школы і абітурыентаў; метадычныя дапаможнікі для настаўнікаў. Пяць кніг выдадзена за мяжой (у Расійскай Федэрацыі).
З’яўляўся кіраўніком калектыву па распрацоўцы канцэпцыі, праграм і вучэбных дапаможнікаў па біялогіі для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
Удзельнічаў у распрацоўцы адукацыйных стандартаў, вучэбных планаў і праграм для біялагічных спецыяльнасцей педагагічных ВНУ.
Кандыдат біялагічных навук, дацэнт.