Зборнік «Чароўная скарбніца»
Серыя «Сучасная беларуская лiтаратура» — гэта сумесны літаратурны праект выдавецтва «Аверсэв» і Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Кожная кніга серыі — гэта дуэт літаратуры і жывапісу. У афармленні вокладак выкарыстаны рэпрадукцыі карцін з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.
Трэцяя кніга серыі — «Чароўная скарбніца». У ёй сабраны казачныя гісторыі трох таленавітых пісьменнікаў. Гэтыя светлыя, дзівосныя творы хочацца прачытаць і абмеркаваць перад сном разам з дзецьмі.
Сучасныя бацькі заўважаюць, што дзеці занадта рана становяцца дарослымі. А так хочацца крыху прадоўжыць іх маленства: узяць у абдымкі жвавага пяцігодка ці колкага падлетка, прытуліцца адзін да аднаго пад пледам, запаліць у прыцемках утульнае святло і чытаць услых захапляльную кнігу. А потым абмяркоўваць і здзіўляцца таму, як глыбока, кемліва і шчыра разважаюць сучасныя дзеці.
Прыдуманыя Кацярынай Хадасевіч-Лісавой прыгоды іншапланецян з планеты Вухуція — захапляльная і павучальная гісторыя пра сяброўства і пошук ісціны. Аўтар без нудных павучанняў нагадвае сваім чытачам, што такое сапраўднае сяброўства і шчырая дапамога. Гісторыя лёгкая, светлая, шчырая. Яна спадабаецца дзецям рознага ўзросту.
Герой Генадзя Аўласенкі — маленькі Ветрык з Вентылятара — паводзіць сябе як бесклапотны пяцігадовы свавольнік, што бесперастанку трапляе ў пераплёт. Генадзь Аўласенка, сур’ёзны пісьменнік-фантаст, паўстае перад чытачамі ў новым увасабленні — прыязнага і лагоднага казачніка. Ён спраўна кіруе ўвагай дарослых і маленькіх чытачоў і размаўляе з імі на адной мове — мове дзяцінства, дабрыні і шчырасці.
Людміла Рублеўская — вядомая журналістка і аўтар мноства кніг, якія перакладзены на дзясяткі моў свету. Прыдуманая пісьменніцай цікаўная мышка Пік-Пік жыве пад шафай у звычайнай гарадской кватэры. Яна сябруе з людзьмі і нават з іх кошкай. Як і ўсе дзеці, гарэзлівая мышка часам лянуецца, не жадае прыбіраць у сваім пакойчыку і любіць салодкае. Усе прыгоды мышкі Пік-Пік расказаны дасціпна, з лёгкім гумарам. Маленькія слухачы абавязкова будуць паўтараць: «Яшчэ, яшчэ адну главу, калі ласка!»
Тры цудоўныя гісторыі напісаны па-майстэрску і з гумарам. Кожны з аўтараў добра ведае дзіцячую псіхалогію і ўмее размаўляць з чытачамі на мове дзяцінства. Асалоду ад твораў атрымаюць і маленькія слухачы, і дарослыя, якія будуць чытаць сваім гарэзам займальную кнігу.
У афармленні вокладкі кнігі выкарыстаны фрагмент карціны Мікалая Селешчука «Дарога дадому» (1996) з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. У сваёй творчасцi Мікалай Селяшчук спалучаў народныя традыцыi i сучасны погляд на жыццё. Яго палотны падобныя на дзівосныя казачныя сны. Яны сумяшчаюць рэалістычнасць з сюррэалізмам і здзіўляюць нечаканымі метафарамі і алегорыямі.
Першы агляд кнігі «Чароўная скарбніца», які падрыхтаваў Мікола Берлеж, змешчаны на сайце выдавецкага дома «Звязда».
Падрабязней пра іншыя кнігі серыі:
• «Дараванне»
• «Душа твая светлая»
• «Размова з люстэркам»
• «Інструкцыя па спакушэнні замужніх жанчын»
• «Цені дзікага палявання»
• «Планета ў падарунак»
• «Игла в квадрате»