Зборнік «Душа твая светлая»
Серыя «Сучасная беларуская лiтаратура» – гэта сумесны літаратурны праект выдавецтва «Аверсэв» і Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Кожная кніга серыі – гэта дуэт літаратуры і жывапісу: у афармленні вокладак выкарыстаны рэпрадукцыі карцін з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.
Другая кніга серыі – зборнік апавяданняў «Душа твая светлая». Ён сабраў пад адной вокладкай творы адзінаццаці сучасных аўтараў. У кнігу ўвайшлі апавяданні Алега Ждана («Мужская любовь»), Расціслава Бензерука («Клоўн Кузёмка»), Зіновія Прыгодзіча («Дзікая архідэя», «Ружовы туман»), Алены Паповай («Куриный Бог», «У входа»), Анатоля Бутэвіча («Татка, прыязджай...», «Закаханы Сарокаён»), Сяргея Трахімёнка («Суета сует», «Третья пара туфель»), Валерыя Казакова («Дикий Шорец», «Православный немец»), Віктара Праўдзіна («Трыццаць міль да святасці»), Людмілы Рублеўскай («Жалезная Кнопка», «Семела і Юпітэр», «Чатыры калоны»), Алеся Бадака («Дождж ліў як з вядра», «Душа твая светлая»), Сяргея Белаяра («Лёд»).
Жанр апавядання вызначаецца сцісласцю, трапнасцю і часта нечаканай развязкай. На некалькіх старонках разгортваецца цэльны сюжэт, які закранае пэўную патаемную струну душы чытача. Апісваючы зборнік, мы не хацелі б раскрываць падрабязнасці сюжэтаў. Апавяданне – твор невялікі: калі прыадкрыць нават нязначную дэталь, можна пазбавіць чытача задавальнення і пачуцця навізны. Паспрабуем зрабіць толькі прыкладную замалёўку агульнага вобраза кнігі.
У апавяданнях Алега Ждана («Мужская любовь»), Зіновія Прыгодзіча («Дзікая архідэя»), Алены Паповай («Куриный Бог») героі-сучаснікі быццам жывуць зусім побач: блукаюць па дварах Мінска, аранжарэі Батанічнага саду, ездзяць на тралейбусах і трамваях па знаёмых вуліцах. Міжволі чытач таксама пачынае адчуваць сябе датычным да падзей, калі падчас прагулкі героі зварочваюць у любімыя мінчанамі кавярні.
Сюжэт некаторых твораў перанесены ў мінулыя гістарычныя падзеі. Напрыклад, Віктар Праўдзін у апавяданні «Трыццаць міль да святасці» настолькі рэльефна вымалёўвае рэвалюцыйнае ліхалецце, што ўзнікае пачуццё быццам глядзіш мастацкі фільм. А Людміла Рублеўская ў апавяданні «Чатыры калоны» разгортвае перад намі стужку-сувязь паміж трыма стагоддзямі ў гісторыі адной шляхецкай сядзібы.
Падзеі апавяданняў адбываюцца ў розных месцах. Лавіруючы між творамі, чытач зможа прайсціся па сучасным Мінску, завітаць у невялічкую вёску пад Кобрынам, паблукаць па невядомых сцежках у перадгор’і Саян, пасядзець побач з былым нямецкім салдатам у курортным атэлі, апынуцца на парозе ўтульнага доміка ўзнёслай паненкі Аўгінні, якой праз яе блізарукасць увесь свет падаецца цудоўным і казачным. А завяршальным акордам стане падарожжа на міжнародную касмічную станцыю ў апавяданні «Лёд» брэсцкага пісьменніка-фантаста Сяргея Белаяра.
Цалкам зборнік «Душа твая светлая» ўяўляе сабой шматгалосую сімфонію беларускіх літаратараў. Іх пошукі адказаў на спрадвечныя пытанні гучаць то пяшчотна-замілавана, то жорстка-просталінейна, то магічна-іншасказальна. У адных апавяданнях героі зачароўваюць і вымушаюць суперажываць, у іншых – больш злуюць і абражаюць, але ніхто з іх не пакіне чытача абыякавым.
У афармленні вокладкі кнігі выкарыстана рэпрадукцыя карціны Мікалая Таранда «Майская сюіта» (2016) з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. У сваіх творах Мікалай Таранда сапраўды слухае прастору, падбіраючы колеры і фарбы. На карціне «Майская сюіта» мастак паказвае, як гуляе вясновае сонца ў квітнеючых садах.
Першы агляд кнігі «Душа твая светлая» ўжо надрукаваны ў прэсе. Артыкул Рамана Сэрвача размешчаны на партале выдавецкага дома «Звязда».
Набыць зборнік «Душа твая светлая» і іншыя кнігі серыі «Сучасная беларуская лiтаратура» можна ў інтэрнэт-магазіне.
Падрабязней пра іншыя кнігі серыі:
• «Дараванне»
• «Чароўная скарбніца»
• «Размова з люстэркам»
• «Інструкцыя па спакушэнні замужніх жанчын»
• «Цені дзікага палявання»
• «Планета ў падарунак»
• «Игла в квадрате»